Інтэрактыў з Пятрушкам і даручэнні ката — як гульнявыя метады дапамагаюць Валянціне Вяргейчык у рабоце з пачаткоўцамі
27.10.2026 – 13:15Первый учитель
Любоў да ведаў вучням Стралічаўскай сярэдняй школы імя У.М.Марчанкі Хойніцкага раёна прывівае вопытная настаўніца пачатковых класаў Валянціна Вяргейчык. У прафесіі яна 40 гадоў. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Валянціна Аляксандраўна выхавала не адно пакаленне. Сёння сярод тых, хто некалі сядзеў за партамі ў яе класе, — паспяховыя медыкі, юрысты, інжынеры і, вядома ж, педагогі. Дарэчы, многія з яе вучняў працуюць побач, у сферы адукацыі, як, напрыклад, загадчыца Хойніцкага раённага вучэбна-метадычнага кабінета Вольга Шылец. Ці выхавальніца групы прадоўжанага дня Ксенія Стольнікава, якая не толькі вярнулася ў родную Стралічаўскую школу педагогам, але і прывяла ў 1 клас сына Даміра.
Назіраючы за працай Валянціны Аляксандраўны, адчуваеш цёплую атмасферу на яе ўроках. Нават калі першакласнікам трэба нешта паўтарыць, то і трэці раз настаўніца зробіць гэта абсалютна спакойна і мякка. А яе голас… Такім толькі казкі чытаць. Нядзіўна, што школьнікі бягуць на заняткі з радасцю.
Карыстаючыся момантам, задаю першакласнікам пытанне, дзе ім больш падабаецца: у дзіцячым садзе ці ў школе? Адказ атрымліваю імгненна. Яны хорам і дружна адказваюць: “У школе лепш!”
— Я марыла стаць настаўніцай з самага дзяцінства, — дзеліцца педагог. — У мяне ж таксама быў выдатны прыклад перад вачыма — настаўніца пачатковых класаў Тамара Якаўлеўна Марчанка, мы з ёй жылі на адной вуліцы, яна вучыла спачатку маю старэйшую сястру, а потым і мяне ў сярэдняй школе № 2. Не апошнюю ролю ў маім прафесійным станаўленні адыграла класны кіраўнік настаўніца рускай мовы і літаратуры Лілія Макараўна Кулініч. З гадамі ўсвядоміла, што хачу стаць не проста добрым настаўнікам, а сябрам і нават другой мамай для сваіх выхаванцаў. І галоўная ўзнагарода за 40 гадоў работы — бачыць, як дзеці радасна сустракаюць мяне ў школе.
Асноўнай сваёй задачай Валянціна Вяргейчык лічыць не проста навучыць дзяцей чытанню і пісьму, а раскрыць маленькую асобу, усяліць у яе ўпэўненасць, даць адчуць сваю каштоўнасць, незалежна ад поспехаў у вучобе:
— Усе дзеці ўнікальныя! І ў кожным можна разгледзець талент.
Тут жа настаўніца ўзгадвае, як летась яе выпускнікі-чацвёртакласнікі пісалі сачыненне “Хто ваш сябар?”. Хтосьці расказаў пра свайго суседа, хтосьці — пра маму і тату, а некалькі вучаніц прысвяцілі радкі сваёй першай настаўніцы. Дзяўчынкі прыгадалі шмат яркіх момантаў: як з Валянцінай Аляксандраўнай ездзілі ў санаторый, як удзельнічалі ў мерапрыемствах, як яна рабіла ім прычоскі перад дыскатэкай… У канцы сачынення яны дзякавалі за цеплыню і ласку.
— Дзеля такіх шчырых слоў варта было выбраць гэтую прафесію! — адзначае настаўніца. — Азіраючыся назад, разумею, што знаходжуся на сваім месцы.
Стралічаўская школа як адна вялікая дружная сям’я. У класе Валянціны Вяргейчык восем першакласнікаў. Ёсць сярод іх і тыя, каму яшчэ няма 6 гадоў. Каб вясковыя дзеці хутчэй адаптаваліся, перасталі саромецца і не баяліся гаварыць і выказваць свае думкі, настаўніца прыдумала незвычайны інтэрактыў з цацачным Пятрушкам. Кожны дзень адзін з вучняў забіраў цацку дадому. Там дзіця расказвала Пятрушку, як прайшоў дзень, як яно паабедала ў школе і што новага даведалася. Назаўтра цацка вярталася ў клас і перадавалася суседу, а дзіця дзялілася тым, як вучылася з ёй або знаёміла з бацькамі. Гэта дапамагло класу пасябраваць.
— Імкнуся падбіраць для сваіх вучняў самыя цікавыя формы работы, каб нашы ўрокі ператвараліся ў займальнае падарожжа. Мне важна, каб школа стала ім другім домам. Бывае, сустрэну па дарозе ў школу пухнатага ката, прыходжу да дзяцей і кажу: “Толькі ўявіце, нам коцік заданне перадаў!” Ім жа так значна цікавей працаваць на ўроку, — дзеліцца суразмоўніца.
Свае педагагічныя знаходкі Валянціна Аляксандраўна абмяркоўвае з мужам Васілём Леанідавічам, які працуе настаўнікам фізічнай культуры і здароўя ў гарадской сярэдняй школе № 3.
А таксама з сынам Аляксандрам — трэнерам гомельскай гарадской спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзерву № 8. А зараз і пяцігадовая ўнучка Эмілія капіруе бабулю і бацьку: усаджвае лялек і нешта захоплена ім тлумачыць.
За час педагагічнай дзейнасці Валянціна Вяргейчык выпусціла дзесяць класаў. З некаторымі былымі вучаніцамі, якія зараз вучацца ў педагагічных каледжах і УВА, дагэтуль падтрымлівае сувязь, арганізоўвае чаяванні і дзеліцца з імі прафесійнымі сакрэтамі.
За добрасумленную працу педагог адзначана шматлікімі граматамі, была лаўрэатам раённага конкурсу “Настаўнік года”. Дарэчы, Валянціна Аляксандраўна трымае сябе ў выдатнай форме: на яе рахунку дыплом I ступені ў спартакіядзе раёна па вясновым лёгкаатлетычным кросе сярод прадпрыемстваў і арганізацый.
— Узнагароды не галоўнае. Важна, што мае выпускнікі сталі добрымі людзьмі, дастойнымі спецыялістамі, — пераканана Валянціна Вяргейчык.
А яшчэ педагог — аўталэдзі з 35-гадовым вадзіцельскім стажам. У вольны час яна садзіцца за руль і адпраўляецца на дачу, дзе набытае з гадамі прафесійнае цярпенне дапамагае ёй вырошчваць кветкі. Яна вельмі любіць працаваць на зямлі, назіраць, як з маленькага семечка вырастае яркі букет.
— На ваш погляд, з якімі кветкамі можна параўнаць дзяцей у вашым класе? — пытаюся ў педагога.
— Мне здаецца, руж з калючкамі і складаным характарам у нас няма.
Усе мае выхаванцы, як рамонкі, далікатныя, адкрытыя і зачараваныя вучобай.
Пераступаючы парог класа, сустракаючы вочы дзяцей, разумею, што, вядома, кожны вучань хоча расказаць, дзе быў з бацькамі, як дапамог маме на агародзе. І да кожнага імкнуся ставіцца з цярпеннем і любоўю, аддаючы ім цеплыню свайго сэрца, — адказвае яна.
Алена КАСЬЯН-ПАЎЛЯНКОВА
Фота аўтара

