Спецыялістаў галіны адукацыі гасцінна прымалі ў Глінішчанскай сярэдняй школе імя І.П.Мележа Хойніцкага раёна. Усе ўмовы былі створаны для засваення педагогамі актуальных для сістэмы адукацыі вобласці праблем арганізацыі адукацыйнага працэсу па беларускай мове і літаратуры, вызначэння шляхоў і рэзерваў іх пераадольвання. Таксама ўсе прысутныя азнаёміліся з культурнымі традыцыямі раёна.
Семінар адкрыла начальнік аддзела адукацыі Хойніцкага райвыканкама Людміла Тупіца. Далей пачалася работа выставы “Ад захаплення творчасцю – да захавання мовы”, зацікавіла інтэрактыўная пляцоўка “Глінішчанскае падвор’е”. Настаўніца беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 3 Хойнікаў Святлана Анісенка правяла адкрыты ўрок беларускай літаратуры ў 10 класе ў Доме-музеі І.Мележа.
Загадчыца Хойніцкага раённага вучэбна-метадычнага кабінета Вольга Шылец завастрыла ўвагу прысутных на адукацыйнай прасторы Хойніцкага раёна, расказала пра шляхі і сродкі стварэння беларускамоўнага асяроддзя ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі.
Майстар-клас “Вучэбны праект: ад даследавання да творчасці” правёў настаўнік беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 16 Мазыра Яўген Есіс. Педагагічная майстэрня “Работа з тэкстам пры падрыхтоўцы да алімпіяд і конкурсаў” прайшла пад кіраўніцтвам настаўніцы беларускай мовы і літаратуры гімназіі № 36 Гомеля імя І.Мележа Людмілы Шульжэнка. Вопытам з калегамі падчас майстар-класа таксама падзялілася настаўніца беларускай мовы і літаратуры Рэчыцкага раённага ліцэя Ірына Яўсеенка.
По материалам пресс-службы “Настаўніцкай газеты”